Беларуская Служба

Суддзя Шмыт не выключэнне. Лукашэнку дакладваюць і іншыя палякі

09.05.2024 14:34
У базе КДБ паведамленні, якія камітэт атрымліваў праз інтэрнэт з 2014 па 2023 год. 
.
.Free-Photos/pixabay.com/CC0

"Кіберпартызаны", група хакераў, якія падтрымліваюць беларускую апазіцыю, раскрылі сакрэты інфармавання ў Беларусі, атрымаўшы доступ да базы дадзеных КДБ. Даносы, якія тычыліся як звычайных грамадзянаў, так і грамадскіх дзеячаў, паступалі з розных краінаў, у тым ліку з Польшчы.

„Dziennik Gazeta Prawna” (DGP) апісала паведамленні, дасланыя беларускім службам.

У базе КДБ змяшчаліся паведамленні, якія камітэт атрымліваў праз інтэрнэт з 2014 па 2023 год. Усяго база складалася з 40 тысяч паведамленняў. Як адзначае газета, большасць паведамленняў паступіла ад людзей з псіхічнымі расстройствамі, якія пісалі пра сусветныя змовы.

«DGP» паведамляе, што даносы пішуць літоўцы, немцы, украінцы і палякі.

У адным з паведамленняў, напісаным чалавекам, які называе сябе палякам, распавядаецца пра паездку сям'і ў амерыканскае консульства ў Варшаве. Аўтар паведамлення сцвярджае, што мужчына ў сям'і сказаў жонцы, што валодае вялікай колькасцю важнай для ЗША інфармацыі і што, калі гэтая інфармацыя будзе цікавая амерыканцам, сям'я атрымае амерыканскае грамадзянства.

Аўтарам паведамлення з'яўляецца нейкая Агнешка І., яна выкарыстоўвае расійскую мову, асаблівасці гэтай мовы сведчаць пра тое, што гэта яе родная мова. Газета лічыць, што аўтар даносу выдаваў сябе за паляка дзеля большай ананімнасці.

Карыкатуры на Лукашэнку

У 2021 годзе ў КДБ паступіла інфармацыя, што ў кабінеце кіраўніка зарэгістраванай у Польшчы кампаніі, якая займаецца трансгранічным гандлем, былі карыкатуры на Аляксандра Лукашэнку і сімвалы дэмакратычнай Беларусі.

Чалавек, чые дадзеныя былі названыя, адмаўляе сваё дачыненне да гэтага даносу. "Гэта правакацыя супраць мяне і маіх блізкіх. Нехта проста ўвёў туды мае дадзеныя", - цытуе газета DGP падазраванага інфарматара.

яс