Былы кіраўнік ваеннай выведкі Польшчы WSI Марэк Дукачэўскі рэкамендуе старанна праверыць расійскага дэзерціра, які ўцёк у Польшчу. Памежная служба паведамляе, што з боку Беларусі мяжу незаконна перайшоў 41-гадовы грамадзянін Расіі. Пры сабе ён меў расійскія ваенныя дакументы, якія пацвярджаюць яго ўдзел у баявых дзеяннях Расіі супраць Украіны.
Марэк Дукачэўскі ў эфіры Польскага радыё сказаў, што многія расіяне хочуць пазбегнуць удзелу ў баявых дзеяннях ва Украіне, але, на яго думку, дэзерціра трэба дакладна праверыць.
- Гэта сапраўды магчыма, што салдат шукае дапамогі на Захадзе, але я ведаю як працуюць расіяне, і не выключаю, што гэта правакацыя з іх боку. Нашыя службы павінны дакладна праверыць салдата - дапытаць, магчыма скарыстаць паліграф, упэўніцца, што ён не хлусіць і што яго не выкарыстоўваюць у інфармацыйнай вайне супраць нас.
Памежная варта не паведамляе, дзе дакладна расійскі вайсковец незаконна перасек мяжу. З расіянінам праводзяцца далейшыя дзеянні.
яс